Упершыню выяўлены падчас навуковай экспедыцыі ў Іран у 1968 годзе. Але тады навукоўцы не змаглі разгадаць незвычайную структуру яе хваста і палічылі, што ў змеі прыроджаны дэфект або траўма. У 2001 годзе былі здабытыя новыя асобнікі і ў 2006 годзе біёлагам Бехзадам Фацінія і яго асістэнтамі быў зацверджаны новы від.
Гадзюка паторгвае кончыкам незвычайнага хваста-прынады[2], ствараючы ілюзію руху павука. Калі птушка або яшчарка набліжаецца і спрабуе склюнуць «павука», ядавітая гадзюка за долі секунды забівае ахвяру[3]. Хвост-прынада пачынае расці пасля нараджэння, але канчаткова фармуецца да сталага ўзросту. Характэрна і тое, што дарослыя змеі палююць падобным чынам у асноўным на пералётных птушак, паколькі мясцовыя ўжо ведаюць пра падобную хітрасць гадзюк.